Слухайце далучаны гукавы файл!
Старасць атаясамліваецца часта з хваробамі, болем і адзінотай. Але старасць не абавязкова павінна быць такой, аб чым сведчыць прыклад спадарыні 87-гадовай спадарыні Зоі, якая, пасля інсульту, не можа хадзіць, ляжыць прыкаваная да ложка. Тым не менш, нельга назваць яе побыт у лячэбніцы Caritas у Варшаве сумным канцом жыцця. Яе дачка Марына Гуля робіць усё магчымае і немагчымае, каб мама вяла цікавае і радаснае жыццё, поўнае музыкі, паэзіі, а нават гімнастыкі.
– Мама не памятае таго, што было пяць хвілін таму, але добра памятае ўсе песні сваёй маладосці. Таму яна выбірае – робім вечар паэзіі, ці спяваем. Мы спяваем кожны дзень мінімум паўгадзіны, а пазней мама выбірае – напрыклад, мы глядзім старыя фотаздымкі, мама паказвае, хто на іх. Яна дасканала памятае паэзію Есеніна, або выбірае дзіцячыя вершы. Кожны дзень мы таксама робім зарадку. Вось так мы жывём – вельмі радасна, вельмі весела.
Мама не хацела з'язджаць з Украіны, але ў яе здарыўся інсульт. Калі б не сябры, якія хутка яе знайшлі, не ведаю, што было б. Яе прывезлі сюды, яна нікога не пазнавала, у тым ліку мяне, шукала сваю малую дзяўчынку, казала – прыбярыце ад мяне гэтую бабулю. Больш за паўгода мы жылі разам і чакалі гэтага месца. Гэта не дом апекі, а шпіталь, тут жывуць людзі, якія не ходзяць, не могуць самі есці. Калі мама была дома, мне было яе вельмі шкада, паколькі я хадзіла на працу. Канешне, я бегла адразу дадому, карміла маму ўсімі магчымымі вітамінамі, але адзінота – яна заўсёды адзінота. А тут шэсць рэабілітантаў, якія займаюцца з хворымі, тут працуюць украінкі, якія размаўляюць па-расійску, працавала беларуска Каця. Гэта ўнікальнае месца, куды складана трапіць, некаторыя людзі чакаюць чатыры гады, каб сюды трапіць. Часта людзі аддаюць сваіх блізкіх у дом апекі, але я іх называю дамамі адзінокай старасці, таму што вельмі рэдка іх наведваюць. Мы з маімі падапечнымі чачэнкамі і іх дзецьмі знайшлі такі дом у падваршаўскім горадзе Радасць, але перад тым, як мы туды паехалі, там мала было радасці. Мы пачалі туды ездзіць 9 гадоў таму, каб прытуліць старасць. Такім чынам чачэнкі і іх дзеці знайшлі сабе бабуль, а польскія бабулі і дзядулі знайшлі ўнукаў.
Спадарыня Зоя ў маладосці.
Спадарыня Зоя – беларуска, былая настаўніца расійскай, беларускай і ўкраінскай мовы, яе муж, бацька Марыны Гулі – расіянін. Сама Марына нарадзілася ва Украіне, але жыве даўно ў Польшчы. Яна стала вядомай, калі зладзіла “дэмакратычную школу” на вакзале ў Брэсце для чачэнскіх дзяцей, бежанцаў, якія прыехалі туды са сваімі мамамі, а польскія памежнікі не прапускалі іх у Польшчу.
Праз тыдзень у нашым эфіры прагучыць працяг гутаркі з Марынай Гуляй, у тым ліку яе пажаданні на Каляды і Навагоднія святы.
Размаўляла Наталля Грышкевіч